КАРМАВА́Я АДЗІ́НКА,

адзінка вымярэння і параўнання агульнай (энергет.) пажыўнасці кармоў. На Беларусі за К.а. прынята пажыўнасць 1 кг зерня аўса сярэдняй якасці. Агульную пажыўнасць кармоў разлічваюць па колькасці ў іх сырога пратэіну, тлушчу і клятчаткі, безазоцістых экстрактыўных рэчываў, страўнасці гэтых рэчываў, велічыні зніжэння пажыўнасці кармоў у залежнасці ад колькасці ў іх сырой клятчаткі. Паказчыкам энергет. пажыўнасці кармоў можа служыць таксама велічыня насычанасці іх абменнай энергіяй. На аснове К.а. разлічваюць нормы кармлення для с.г. жывёл (гл. Кармавая норма).

т. 8, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)